Прадмова да кнігі Дуніна-Марцінкевіча і два вершы з яе прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі
17 жнiўня 2023 у 1692257820
«Зеркало»
Прадмова да кнігі Дуніна-Марцінкевіча і два вершы часоў паўстання Каліноўскага прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі, паведамляе Генпракуратура.

«На заяву пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя ў выглядзе прадмовы Язэпа Янушкевіча да кнігі, а таксама тэксты твораў "Плывуць вятры", "Гутарка старога дзеда", якія прыпісваюцца Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай DUBIA, кнігі з серыі "Беларускі кнігазбор" Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі», - гаворыцца ў паведамленні.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - празаік і драматург, класік беларускай літаратуры. Яго падазравалі ва ўдзеле ў паўстанні 1863−1864 гадоў і ў напісанні рэвалюцыйных пракламацый. Пэўны час быў зняволены ў мінскай турме. Аўтар оперных лібрэта «Рэкруцкі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Ідылія», паэм «Гапон», «Купала», вершаваных аповесцяў «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», камедый «Пінская шляхта», «Залёты» і іншых твораў.
«Выбраныя творы» Дуніна-Марцінкевіча сталі 100-й кнігай выдавецтва «Кнігазбор». Праект прысвечаны найлепшым творам мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гісторыі, пісала БЕЛТА ў 2019 годзе.
Язэп Янушкевіч - беларускі літаратуразнавец і архівіст. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га года ён быў звольнены з Інстытута літаратуры НАН і з Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы. На думку навукоўца, скарачэнне з Інстытута было звязанае з яго «празмерным» - у разуменні чыноўнікаў - захапленнем спадчынай Дуніна-Марцінкевіча і іншых вядомых беларускіх літаратараў, падкрэсліла «Еўрарадыё».