«Дзікая клаўнада». Беларусы расказалі, як іх агітавалі і пераконвалі ўдзельнічаць у мерапрыемствах Дня народнага адзінства
19 верасня 2023 у 1695103620
«Зеркало»
У нядзелю па ўсёй краіне арганізавана адзначалі Дзень народнага адзінства - дзяржаўнае свята, якое з'явілася некалькі гадоў таму, а цяпер у яго гонар прапагандысты ладзяць флэшмобы, а ў Бабруйску нават назвалі вуліцу. У гарадах працавалі творчыя пляцоўкі, праходзілі ўрачыстыя мітынгі, прабегі, «кубкі адзінства» па розных відах спорту і канцэрты. Галоўнае мерапрыемства зладзілі ў сталічнай «Мінск-Арэне» - яго назвалі патрыятычным форумам «Мы - беларусы». Першым на сцэну выйшаў Лукашэнка і сказаў нетыпова кароткую прамову. «Люстэрка» папрасіла чытачоў расказаць, як у іх на працы і вучобе агітавалі схадзіць на гэтыя мерапрыемствы.

Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў іх бяспекі.
«Вы ведаеце, у якой вы ВНУ вучыцеся, бясплатна ў інтэрнаце знаходзіцеся - ведалі, куды ішлі»
У Вольгі ў адной з мінскіх ВНУ вучыцца дачка Вікторыя. Калі дзяўчына паступіла, кажа яе мама, то вельмі радавалася, што змагла трапіць на бюджэт, атрымала пакой у інтэрнаце. Але радасць хутка азмрочылася новымі «абавязкамі». Дзяўчына таксама займаецца ў адным са сталічных спартыўных цэнтраў - і адначасова і там, і ва ўніверсітэце загаварылі пра мерапрыемствы, куды не пайсці нельга.
- Як толькі пачала вучыцца, пачалі прыцягваць і ад універсітэта ў чымсьці ўдзельнічаць, і ад спартшколы. То на Дзень адзінства, то на нейкія флэшмобы, вось у жніўні яны замест таго, каб займацца, хадзілі на гульні СНД. Аргументуюць усё гэта так: «Вы ведаеце, у якой вы ВНУ вучыцеся, бясплатна ў інтэрнаце знаходзіцеся - ведалі, куды ішлі». І ніякія адгаворкі, што нешта баліць ці няма часу, не працуюць - наперад і з песняй. Наогул, як у інтэрнат засялілі, ім адразу паставілі ўмову: па чатыры гадзіны ў месяц адпрацоўваць - то падмесці нешта, то памыць, то пагрэбці. Сказалі, раз яны там жывуць, павінныя хадзіць на ўсе святы. Карацей, радзіме «даўгі аддаюць». І смешна гэта ўсё, і сумна. Раз на бюджэце вучышся - значыць, мусіш.
Дачка летась увесь час злавалася, чаму яна не можа паехаць дадому да сябе ў горад, а вымушаная ісці на нейкі канцэрт, чаму не могуць мінчукі схадзіць. Я ёй тлумачу, што яна паступіла сама і нікому нічога не павінная, [педагогі] ёй не са сваёй кішэні гэты інтэрнат аплачваюць. Але ў нас так прывыклі: «Радзіма вас грудзьмі выкарміла - вы абавязаныя». Нікому не цікавыя твае палітычныя погляды, ды і ў наш час лепш не абурацца, - заўважае жанчына.
Паводле словаў Вольгі, дачка і яе аднагрупнікі самі жадання ісці на праўладныя мерапрыемствы не выказваюць, але педагогі ці адміністрацыя інтэрната звычайна настойліва ўгаворваюць. Так было і напярэдадні Дня народнага адзінства.
- Сказалі, што абавязкова трэба быць. Дачка ў мяне стараецца на такія мерапрыемствы не хадзіць, не любіць іх - яна ж разумее ўсё гэтае трызненне. Ды і няма калі ёй. А яна ў мяне такая дзяўчынка адказная, звычайна, калі ўжо прыйшла, то куды дзявацца з карабля? Да канца і застаецца, перажывае: «Мама, раптам я падвяду трэнера?» Ведае, што і тых таксама прымушаюць. Але гэтым разам удалося неяк прагуляць. У іх усе ў групе таксама імкнуцца усялякімі спосабамі ад гэтага ўсяго адкараскацца. Можа, не ўсе праз ідэалогію, але вялікага жадання ў дзяцей кудысьці ісці, асабліва ў нядзелю, няма.
«Дзікая клаўнада, са студэнтаў спрабуюць выкараніць нават найменшае альтэрнатыўнае меркаванне»
Антон вучыцца ў адным з абласных цэнтраў. Хлопец кажа, што студэнтаў яго ВНУ 17 верасня «прымушалі ісці на мерапрыемства з чырвона-зялёнымі сцяжкамі» ў горадзе, нягледзячы на тое, што гэта нядзеля і не навучальны дзень.
- Куратар напісаў у групе, што трэба пайсці. Усіх паставілі перад фактам. Але ў нас пагроз няма, куратар адэкватны, разумее… Тым, хто не хоча ісці, проста кажа быць асцярожнейшымі, - тлумачыць малады чалавек. - Учора хадзіла дзесьці 20% ад групы - прыйшлі пастаяць паслухаць і сысці, калі скажуць. Усіх, хто быў, прымусілі - добраахвотна ісці ніхто не хацеў.
Антон дадае, што гэтак жа прымусова ў яго ВНУ адпраўляюць на фільм «На другом берегу», прэм'еру якога прымеркавалі акурат да Дня народнага адзінства. У тых, хто не хоча ісці на карціну ці хварэе, патрабуюць назваць прычыну або паказаць даведку.
- Увогуле, адміністрацыя вывучыла прапагандысцкія клішэ пра «ўз'яднанне народаў Беларусі» і гэтак далей, хоць, калі з імі пагаворыць пісьменны чалавек, які ведае пра гэта не толькі з прасавецкай пазіцыі, але і з польскай, нямецкай, беларускай, то яны імгненна загразнуць у сваім няведанні. Факт падзелу Польшчы з дапамогай пакта Молатава - Рыбентропа наогул, такое адчуванне, што не існаваў. Проста як бы «пасля 20 гадоў анексіі Польшчай Гродна і іншых беларускіх гарадоў СССР раптам вырашыў іх вярнуць», але з чыёй дапамогай - замоўчваецца, бо праўда нязручная. Гэта я кажу тое, што чую вось ужо другі год існавання гэтага «свята» ад усялякіх кіраўнікоў ВНУ. Дзікая клаўнада, са студэнтаў спрабуюць выкараніць мінімальную цягу да неперадузятых ведаў і нават найменшае альтэрнатыўнае меркаванне, - лічыць Антон.
- Ёсць адчуванне, што абсалютная большасць студэнтаў запалоханая, - працягвае ён. - Ледзь абмовішся пра Лукашэнку, Ціханоўскую, Пуціна ці вайну - адразу пераводзяць на іншую тэму. Аж нейкае табу ў іх.
«Складалі спісы, каб не былі нідзе заўважаныя тыя, хто супраць улады, ставіў подпісы за іншых кандыдатаў»
На працы ў Веніяміна, які працуе ў дзяржарганізацыі, на мінулым тыдні таксама збіралі супрацоўнікаў на мерапрыемствы да Дня народнага адзінства. Мужчына кажа, што з кожнага раёна яго вобласці мусілі ўкамплектаваць па аўтобусе на 30−40 чалавек. Людзей везлі на канцэрт у Мінску, дзе выступаў Лукашэнка, таму сярод патэнцыйных удзельнікаў зладзілі адбор.
- Складалі спісы грамадзян, правяралі (як я разумею, праз КДБ), каб нідзе не былі заўважаныя. Нават блізкіх сваякоў правяралі: хто супраць улады, ці ставіў подпісы за іншых кандыдатаў. Некаторых пасля праверак выкрэслівалі. У паездку ўключалі ідэолагаў, работнікаў выканкамаў, БРСМ. Адмовіцца было нельга, і гэта ўсе разумелі: адмова можа стаць падставай для непадаўжэння кантракту. А калі хто не зразумеў, гэта тлумачаць ужо тэт-а-тэт. Хоць цяпер ніхто асабліва і не абураўся, напэўна, таму, што так робяць пастаянна і ўсе да гэтага ўжо прывыклі. Хто падымаў гэтыя пытанні раней, як правіла, звольненыя альбо ўжо моўчкі падпарадкоўваюцца.
Паводле назіранняў Веніяміна, падчас адбору на канцэрт у Мінску «перавагу аддавалі моладзі». З такіх супрацоўнікаў у яго калектыве многім, адзначае суразмоўца, было «ўсё роўна» - паездку яны ўспрымалі як забаву.
- Я гэтым разам у спіс удзельнікаў не трапіў, не ведаю чаму… Але, калі шчыра, як і многія іншыя, калі даводзіцца, наведваю гэта ўсё вымушана, баючыся страціць працу, баючыся негатыўных наступстваў. Хоць хтосьці спрабуе крывадушнічаць, разлічваючы атрымаць за такую ініцыятыўнасць добрую пасаду… - тлумачыць суразмоўца матывацыю некаторых калегаў удзельнічаць у такіх мерапрыемствах добраахвотна.
Якія ўражанні засталіся ў калег пасля паездкі ў Мінск на канцэрт, Веніямін не ведае. Кажа, палітычныя тэмы ў кабінетах імкнуцца не падымаць.
- Людзі сталі замкнёнымі. Гэта ўсё абмяркоўваюць толькі ў вузкіх колах і не на працы. Але агульная тэндэнцыя - што гэта свята з-пад палкі, пад прымусам і прыдуманае ідэолагамі. Гэта неадназначнае свята. Асаблівай весялосці няма, нейкіх захопленых эмоцый я не чуў. Нашыя, хто ездзіў, больш абмяркоўвалі, як весела вярталіся назад: заўсёды па дарозе дадому з такіх мерапрыемстваў народ выпівае.
Чытайце таксама