«Беларускі Гаюн»: Раніцай у Калінкавічах выбухнуў «Шахед». Што вядома?
апублікавана: 3 кастрычнiка 2024 в 23.22
абноўлена: 3 кастрычнiка 2024 в 23.39
Фёдар Азёрскі / «Зеркало»
У Калінкавічах раніцай 3 кастрычніка выбухнуў «Шахед», піша маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».

Паведамляецца, што каля пяці раніцы жыхары Калінкавічаў чулі гучны гук выбуху. Пасля гэтую інфармацыю ўдалося пацвердзіць з некалькіх крыніц. У выніку высветлілася, што выбух над Калінкавічамі быў чуваць каля 04.55.
Роўна за 12 хвілін да гэтага (у 04.43) праект @eRadarrua паведаміў пра заход «Шахеда» ў паветраную прастору Беларусі і яго рух у напрамку Мазыра, на ўсход ад Нароўлі.
Адлегласць ад Нароўлі да Калінкавічаў складае 40 км, якія «Шахед» можа пераадолець усяго за 11 хвілін (сярэдняя хуткасць - 200 км/г). Траекторыя і хуткасць руху «Шахеда» сведчаць, што ў момант выбуху дрон ужо быў над горадам.
«На падставе вышэйсказанага "Беларускі Гаюн" робіць выснову, што сёння ў 04.55 у Калінкавічах выбухнуў дрон-камікадзэ тыпу "Шахед". Здэтанаваў ён самастойна ці быў збіты сіламі СПА, невядома», - гаворыцца ў паведамленні.
У сваю чаргу, крыніцы «Флагштока» паведамляюць, што дрон выбухнуў на вуліцы Куйбышава - менавіта яе раніцай перакрывала міліцыя.
«Дакладнае месца падзення лётнага апарата на вуліцы невядомае. Вуліца Куйбышава забудаваная пераважна прыватнымі аднапавярховымі дамамі, таксама там размяшчаюцца некалькі прамысловых і адміністрацыйных тэрыторый і могілкі», - піша выданне.
Увечары ў чатах горада Калінкавічы пачало распаўсюджвацца відэа, знятае камерай вонкавага назірання, з імаверным падзеннем беспілотніка. На запісе чуваць шум бензінавага рухавіка і аглушальная дэтанацыя боепрыпасу.
This browser does not support the video element.
Афіцыйнай інфармацыі ад Міністэрства абароны ці МНС не было.