Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Германіі з Днём адзінства, які ў краіне адзначаюць 3 кастрычніка. Ён нагадаў пра «жудасныя факты» з агульнай гісторыі беларусаў і немцаў і расказаў пра захаваныя «нягледзячы ні на што» кантакты, перадае яго прэс-служба.

У віншаванні гаворыцца, што беларусы «вельмі добра ведаюць сапраўднае значэнне» адзінства, бо народ нашай краіны доўгі час «быў падзелены штучнымі межамі» і гэта «не спрыяла нармальным адносінам, развіццю краіны і не давала ніякіх перспектываў».
«Потым яшчэ большыя страты нанесла Другая сусветная вайна, якая забрала кожнага трэцяга жыхара. Гэтыя жудасныя факты не павінныя забываць ні беларусы, ні немцы», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Тым не менш у Беларусі і Германіі «назапашаны бясцэнны досвед кантактаў у самых разнастайных галінах», і Мінск іх «беражліва захоўвае нягледзячы ні на што», лічыць палітык.
«Дзверы нашага дома заўсёды адкрытыя для гасцей з Германіі і іншых краін, для ўсіх людзей добрай волі, якія прыходзяць да нас з чыстым сэрцам і жадаюць дабра», — заявіў Лукашэнка.
Ён выказаў упэўненасць, што «вельмі хутка да каштоўнасці адзінства, якое так цяжка нам далося, дададуцца згода і паразуменне».
Заканчваецца віншаванне фразай «Сардэчна запрашаем у Беларусь!».
Адзначым, што віншаванні «народу», а не лідарам Лукашэнка звычайна адпраўляе ў «недружалюбныя» краіны. Такія тэлеграмы, напрыклад, раней атрымлівалі «народы» Даніі, Славеніі, Францыі, ЗША, Украіны і іншых краін. А вось лідарам Расіі, Шры-Ланкі, Ірана, Сербіі, Егіпта, Сінгапура, Індыі, Мексікі — адпраўляліся «іменныя віншаванні».