На пахаванні папы рымскага Францыска ў Ватыкане прысутнічалі адразу тры беларускія дэлегацыі. Беларускіх каталікоў узначальваў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Іосіф Станеўскі. Афіцыйную дзяржаўную дэлегацыю — старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка. Атрымала запрашэнне на цырымонію развітання і Святлана Ціханоўская, якая прызначыла кіраўніком дэлегацыі беларускіх дэмсілаў свайго дыпламатычнага дарадцу Дзяніса Кучынскага. «Люстэрка» даведалася ў яго, ці ўдалося пагаварыць з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска.

Дзяніс Кучынскі расказаў «Люстэрку», што сёння ў Ватыкане яму ўдалося нядоўга пагаварыць з Ігарам Сяргеенкам і амбасадарам у Ватыкане Юрыем Амбразевічам. Аднак паведамляць дэталі не стаў, адзначыўшы, што «ў першую чаргу мы ўсе былі там для таго, каб аддаць даніну памяці святому айцу Францыску».
Паводле Кучынскага, падчас цырымоніі развітання ён пагаварыў з прэзідэнтамі Аргенціны Хаўерам Мілеем, Албаніі Байрамам Бегаем, Малдовы Маяй Санду, а таксама міністрамі замежных справаў Ірландыі, Нідэрландаў і Румыніі.
Адбыліся кароткія перамовы з дарадцамі кіраўніцы дыпламатыі Еўрасаюза Каі Калас, прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і Літвы Гітанаса Наўседы, а таксама з іерархамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў — у прыватнасці, з кардыналам Матэа Дзупі і патрыярхам Варфаламеем.
— Сустрэчы не былі працяглымі, але з усімі, з кім мне ўдалося пагаварыць, мы абмеркавалі важныя моманты супрацоўніцтва, — адзначыў Кучынскі.
Нагадаем, Святлана Ціханоўская не змагла прысутнічаць на цырымоніі, бо
ў яе на гэты дзень быў запланаваны шэраг важных сустрэч і мерапрыемстваў.
Чытайце таксама