«Схуднела, у яе пакуль што мала сіл». Марыю Калеснікаву перавялі ў калонію і дазволілі ўбачыцца з бацькам
Читать по-русски


Марыю Калеснікаву перавялі з бальніцы ў калонію і дазволілі ёй убачыцца з бацькам, паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі.

Фото: Reuters
Марыя Калеснікава. Фота: Reuters

«10-хвіліннае спатканне праходзіла пад наглядам медыка і супрацоўнікаў калоніі. Марыю яшчэ на выходных перавялі з гомельскай бальніцы хуткай дапамогі ў калонію — цяпер яна знаходзіцца ў медыцынскім стацыянары. Яшчэ не менш за 10 дзён яна будзе знаходзіцца пад наглядам дактароў. Дыягназ — прабадная язва», — расказалі ў штабе.

Паводле словаў бацькі, Марыя схуднела, у яе пакуль што мала сіл. Таксама яна падзякавала дактарам бальніцы хуткай дапамогі, якія выратавалі ёй жыццё.

Нагадаем, пра шпіталізацыю Марыі Калеснікавай стала вядома 29 лістапада. Яе паклалі ў першае хірургічнае аддзяленне і перавялі ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гомелі. Адвакат Калеснікавай высветліў, што яе даставілі ў бальніцу з хірургічнай паталогіяй і прааперавалі 28 лістапада.

30 лістапада стала вядома, што аперацыя прайшла паспяхова, але Марыя заставалася ў цяжкім стане. У бальніцу ўдалося трапіць яе бацьку, але да дачкі яго не пусцілі. Дактары камунікуюць з ім у прысутнасці супрацоўнікаў МУС.

Марыя Калеснікава, якая кіравала штабам Бабарыкі пасля арышту самога палітыка і ягонага сына, знаходзіцца за кратамі ўжо два гады і тры месяцы. У верасні 2021-га яе асудзілі на 11 гадоў калоніі, яна адбывае пакаранне ў ПК-4 Гомеля.