У пачатку тыдня праваабаронцы паведамілі, што па ўсёй краіне сілавікі праводзяць ператрусы ў тых, хто быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Але выявілася, што не толькі ператрусы. Нашага чытача, які таксама сачыў за падлікам галасоў, нядаўна выклікалі ў міліцыю на праверку тэлефона. Як адбывалася сустрэча, ён расказаў «Люстэрку».

Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі.
Максім жыве ў Гомельскай вобласці. У пачатку снежня яму патэлефанаваў участковы. Папрасіў пад’ехаць. Мужчына быў на працы і прапанаваў сустрэцца пасля заканчэння працоўнага дня. Сілавік настойваў на тэрміновасці. У выніку Максім адпрасіўся з працы і паехаў у міліцыю.
— З якой прычыны выклікае, участковы не казаў да самага майго прыходу ў РАУС. Сказаў толькі, гэта хутка, хвілін на пяць, — успамінае суразмоўца. — Але я сябе добра накруціў. Рыхтаваўся, што ў пятніцы звычайна забіраюць да суда ў панядзелак, каб пасядзеў выходныя. Увогуле, думаў, гэта ўсё надоўга, але аказалася, не. Участковы патлумачыў, што мусіць па спісе праверыць тэлефоны. На стале ў яго ляжалі лісты А4. На іх — табліцы з рознымі звесткамі. Я так зразумеў, гэта з прозвішчамі, адрасамі і тэлефонамі. Прачытаць іх я не змог.
Участковы паведаміў Максіму, што мусіць правесці агляд тэлефона. Мужчына адмовіўся.
— Да прыходу ў міліцыю я адключыў тэлефон, таму падаў яму смартфон са словамі: «Можаце вонкава агледзець», — успамінае ён. — Участковы адрэагаваў на гэта спакойна. Сказаў: «Добра, напішам, што адмовіўся». Таксама ён спытаў, у якіх сацсетках знаходжуся і якія тэлеграм-каналы чытаю. Потым папрасіў падпісаць паперу, што я не буду тэрарыстам і экстрэмістам.
Калі менш вобразна, Максім падпісаў афіцыйнае папярэджанне пра тое, што «ў выпадку ажыццяўлення дзеянняў, прадугледжаных арт. 1 закона „Пра супрацьдзеянне экстрэмізму“ магу быць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам». Цікава, што, паводле артыкула 9 гэтага ж закона, папярэджанне Максіму мусілі вынесці ў тым выпадку, калі б участковы даведаўся, што ён ажыццяўляе якія-небудзь «экстрэмісцкія» дзеянні, прадугледжаныя ўсё тым жа арт. 1.
— У нейкі момант я завёў гаворку пра тое, што ў міліцыю мяне паклікалі без прычыны. Участковы сказаў, людзей па спісе выклікаюць нібыта праз ілжывыя мініраванні грамадскіх установаў, якія былі досыць даўно. Маўляў, шукаюць, хто гэта зрабіў. Прычым пра тое, ці заведзеная крымінальная справа, не казаў. Пасля таго як я падпісаў усе паперы, мяне адпусцілі, — тлумачыць суразмоўца. — Усіх знаёмых, у каго былі «адміністрацыйкі», я пра гэта папярэдзіў, але не чуў, каб кагосьці з іх выклікалі. Участковы мне ні слова не сказаў пра назіральнікаў, проста абмовіўся: «Праверыць тэлефоны ў спісачных». А «спісачныя» у нас — гэта імя агульнае.
Хто канкрэтна ў гэтых спісах, Максім не ведае, але кажа, што ў іх могуць быць тыя, каго затрымлівалі пасля выбараў, на каго складалі пратаколы за сігналы, рэпосты, падпіскі. На ім пасля выбараў-2020 таксама ёсць «адміністрацыйкі».
— Пасля майго выкліку прайшло ўжо нямала дзён. Мяркуючы з таго, што больш нікому з маіх знаёмых назіральнікаў міліцыя не тэлефанавала, магчыма, яны так вырашылі прыстрашыць менавіта мяне, — разважае суразмоўца. — Хоць, хто ведае, можа, цягнуць да святаў, каб больш людзям падгадзіць.
Выпадак Максіма адзінкавы. У ініцыятывах «Сумленныя людзі» і «Страна для жизни», а таксама ў штабе Віктара Бабарыкі «Люстэрку» расказалі, што людзі, якія былі назіральнікамі на выбарах і цяпер на сувязі з імі, не паведамлялі ні пра выклікі ў міліцыю, ні пра ператрусы. Праваабарончы цэнтр «Вясна» таксама адзначае, што не мае інфармацыі пра выклікі назіральнікаў у міліцыю для праверкі тэлефона.
Чытайце таксама