Пайшла з жыцця спявачка Кацярына Панчэня, галоўная захавальніца абраду «Юраўскі карагод», унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, піша «Будзьма беларусамі».
Кацярына Панчэня жыла ў вёсцы Пагост у Жыткавіцкім раёне, 30 лістапада ёй павінна было споўніцца 82 гады. Жанчына была галоўнай захавальніцай «Юраўскага карагода» ў вёсцы.
Яна захоўвала песні і абрады родных мясцін. Удзельнічала ў здымках фільмаў «Паданні тураўскай зямлі», «Карагод», «Вялесавы ўнукі», «Гу, весна» (1997 год) і «Код предків» (2020 год), «Дачка Прыпяці» і «Кола часу» (2012 год), «Юраўскі карагод» (2022 год).
У канцы лета ў жанчыны здарыўся інсульт. Яе забралі ў лякарню. Яна была ў прытомнасці і ў гуморы. Прагноз быў добры, але 4 верасня Кацярыны не стала.
Абрад «Юраўскі карагод» у Пагосце праводзяць па праваслаўным календары 6 мая. Яго спачатку ўнеслі ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (2004 год), а потым — у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (2019 год).