Тэма Беларусі неаднаразова гучала падчас саміту NATO. У асноўным яе падымала лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская. Таксама нашую краіну ў сваёй прамове згадаў амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, выказаліся і лідары Літвы, Латвіі, а ў заключным камюніке па выніках саміту нашая краіна згадвалася сем разоў. Але што гэта значыць для нас? «Люстэрка» спытала ў палітычных аналітыкаў.
«Сустрэча Ціханоўскай і Байдэна — вялікі поспех дэмакратычных сіл»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што тое, як гучала тэма Беларусі на саміце NATO, датычыць як простых беларусаў, так і дэмакратычных сіл разам з рэжымам Лукашэнкі.
— Давайце пачнём з дэмакратычных сілаў. Сам факт, што яны былі прадстаўленыя і маглі ўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах — гэта ўжо станоўчы факт, — мяркуе аналітык. — Яны спрабавалі наколькі гэта было магчыма паказаць, што ёсць рэжым Лукашэнкі, які ўдзельнічае ў вайне, размяшчае ядзерную зброю і іншае. А ёсць зусім іншая, дэмакратычная, Беларусь, якая ўжо гатовая супрацоўнічаць з NATO і выбудоўваць адносіны. Праўда, складана ацаніць, у якой ступені ім гэта ўдалося. Вядома, своеасаблівым трыумфам Святланы Ціханоўскай стала сустрэча з Джозэфам Байдэнам.
Цяжка сказаць, што насамрэч адбывалася на сустрэчы. Але сам факт, што яны камунікавалі, для яе поспех. Будучы лідаркай дэмакратычных сіл, яна ўжо двойчы змагла сустрэцца з прэзідэнтам ЗША. І што б ні казалі беларускія ўлады, як бы ні прымяншалі падзею, гэта, вядома, вялікі поспех. Я думаю, што Аляксандр Лукашэнка з велізарным задавальненнем хацеў бы аказацца на месцы Ціханоўскай, нягледзячы на ўсю антыпатыю да Захаду. Яму патрэбнае прызнанне, з чым у яго вялікая праблема.
Асаблівую ўвагу палітычны аналітык звярнуў на выказванне прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы пра тое, што Беларусь — гэта расійская губерня.
— Наўседа, вядома ж, не кажа, што трэба на Беларусь забыцца і іншае, але гэта фактычна маецца на ўвазе. Калі гэта расійская губерня, якая ўяўляе небяспеку, ну і ўжо, па вялікім рахунку, паглынутая, усё, яе ўжо няма, — тлумачыць наш суразмоўца. — Але ж ён не кажа, што яе неяк можна будзе адваяваць ці вярнуць у нармальны стан? Ён тлумачыць: быў 2020 год, а цяпер ужо не 2020-ы, цяпер ужо іншая сітуацыя. Маўляў, мы павінныя ўспрымаць Беларусь як небяспеку, як выклік і, адпаведна, змагацца з усімі небяспекамі, якія ад яе ідуць: міграцыя, ядзерная зброя, ПВК Вагнера і іншае. І гэты погляд на Беларусь, як мне здаецца, пераважаў падчас саміту, нягледзячы на ўсе намаганні Ціханоўскай. І заключнае камюніке ў прынцыпе пра гэта шмат у чым сведчыць. Заклікі да беларускіх уладаў вярнуцца да выканання законаў былі даволі фармальныя.
Што да Лукашэнкі, то ён, паводле Фрыдмана, хацеў прадэманстраваць сваю суб’ектнасць, але не атрымалася.
— Лукашэнка да саміту займаўся псіхалагічнай накруткай з ядзернай зброяй, — адзначае палітычны аналітык. — Мяцеж Прыгожына і ягоная роля ў вырашэнні сітуацыі надалі яму дадатковай вагі. Таму ён атрымаў магчымасць сустрэцца з замежнымі журналістамі. Але ўсе гэтыя запалохванні, паводле логікі Лукашэнкі, хутчэй, былі пасланнем: паглядзіце, я тут ёсць, я фактар, давайце са мной пагаворым. Запрашэнне да дыялогу ў яго ж заўсёды так ці інакш прысутнічае.
А потым ён дэманстратыўна адышоў ад тэмы, звязанай з самітам. Усе гэтыя паездкі (у Віцебскую і Магілёўскую вобласці. — Заўв. рэд.) былі закліканыя паказаць, што яму абсалютна ўсё роўна, што там адбываецца. Ён нават не выказваўся на міжнародныя тэмы, хоць былі магчымасці: яго суправаджалі журналісты.
Больш за тое, улады нават не адрэагавалі на заяву Наўседы. Ні на ўзроўні Лукашэнкі, ні на ўзроўні МЗС і нават на ўзроўні прапагандыстаў. Хоць заява досыць задзірлівая. Губерня — гэта ж найніэйшая стадыя. Гэта нават не нейкая рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі, не Татарстан і Чачня. Я думаю, што адсутнасць рэакцыі сведчыць пра тое, што яны пакуль проста не вырашылі, як быць, і расчараваныя, бо правалілася іх спроба паказаць сябе сур’ёзным гульцом. Падчас саміту дамінаваў пункт гледжання, што гэта ўсяго толькі губерня, яна несамастойная, там наогул няма пра што казаць. Але я думаю, Лукашэнка не той чалавек, які такое сцярпіць. І пры наступнай магчымасці яму зададуць гэтае пытанне. Мяркую, там будзе шмат асабістых выпадаў у бок Наўседы. Гэта было б тыпова.
Што да вынікаў для Беларусі і беларусаў, то, паводле Фрыдмана, Захад настроены на доўгае супрацьстаянне з Расіяй (прычым нават у выпадку прыпынення баявых дзеянняў). А гэта негатыўна адаб’ецца на нас.
— То-бок ідзе вяртанне да часоў халоднай вайны (прычым халоднай вайны з гарачымі элементамі) і жалезнай заслоны, — тлумачыць эксперт. — Лукашэнка ўсё больш разглядаецца як частка расійскай палітычнай сістэмы і расійскай палітычнай эліты. Наступствам гэтай канфрантацыі можа быць жалезная заслона на заходніх межах, уключаючы мяжу з Украінай. Прычым Беларусь апынецца, натуральна, з «кепскага» яе боку. Гэта першы момант. Акрамя таго, супрацьстаянне азначае мілітарызацыю грамадства і іншае, іншае, іншае. Калі так глядзець на рэчы, то надзеі на нейкія змены ў Беларусі вельмі цьмяныя. Нягледзячы на агульныя заявы Байдэна, я думаю, што на Захадзе цяпер разумеюць, што няма рэальных шанцаў нешта змяніць у Беларусі і вырваць яе з расійскіх ціскоў.
Лукашэнка спрабаваў пераканаць у сваёй суб’ектнасці. Ён змагаецца за месца ў пасляваенным свеце. Спадзяецца, што, калі вайна будзе нейкім чынам спыненая, ён зможа выгандляваць нейкі модус суіснавання з Захадам: маўляў, я не займаюся нелегальнай міграцыяй, вас не турбую, ніякіх акцый не праводжу, усё будзе нармальна, а вы мяне проста пакінеце ў спакоі і забяспечыце маю палітычную і фізічную старасць. Мне здаецца, гэта мара Лукашэнкі. Але яго не ўспрымаюць як фактар, ён не выступае як суб’ект. Наогул няма ніякіх намераў у бок таго, каб з ім хтосьці дамаўляўся.
«Беларусь разглядалася не столькі як нейкі самастойны суб’ект, колькі як дадатак да палітыкі Расіі»
— Вынікі саміту адносна Беларусі досыць супярэчлівыя, — лічыць палітычны аналітык Валерый Карбалевіч. — З аднаго боку, нашай краіне надалі дастаткова ўвагі. У заключным камюніке Беларусь згадваецца сем разоў. На палях саміту правялі два мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі. Там выступала Святлана Ціханоўская, міністры замежных справаў шэрагу дзяржаваў і вядомыя эксперты.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пасля саміту NATO ў 20-хвіліннай прамове згадаў Беларусь. А потым, што важна, правёў сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Гэта яскравая дэманстрацыя таго, што беларуская дэмакратыя ў фокусе ўвагі Злучаных Штатаў.
Пры гэтым аналітык адзначае, што згадка нашай краіны ў выніковым камюніке было «досыць своеасаблівая» — праз прызму адносін з Расіяй.
— Беларусь — пагроза, бо дала сваю тэрыторыю і інфраструктуру Крамлю для нападу на Украіну, размясціла ядзерную зброю, інтэгруецца з Расіяй у вайсковым плане і гатовая размясціць у сябе ПВК Вагнера, — пералічвае эксперт. — То-бок Беларусь разглядалася не столькі як нейкі самастойны суб’ект, колькі як дадатак да палітыкі Масквы, як вытворная ад адносін з Расіяй. Захад глядзіць на нашую краіну пераважна так. І вырашэнне беларускага пытання разглядаецца як частка вырашэння расійскай праблемы, а не як самастойны асобны кейс.
Аналітык прыводзіць у прыклад заяву прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, што Беларусь — расійская губерня. А таксама словы Прэм’ер-міністра Латвіі Крыш’яніса Карыньша пра тое, што беларуская незалежнасць дэ-факта скончылася.
— То-бок суб’ектнасць Беларусі з пункту гледжання Захаду сумнеўная, — адзначае Карбалевіч. — Гэта не найлепшая, як на мяне, пазіцыя з пункту гледжання дэмакратычных перспектываў Беларусі. Бо калі краіна разглядаецца не як самастойны аб’ект, а як частка палітыкі Расіі, то і ўсё астатняе падпарадкаванае менавіта ёй. Праблема падтрымкі беларускай дэмакратыі адсоўваецца з першага плану. І ўсё разглядаецца з пункту гледжання геапалітычных падыходаў, канфрантацыі Расіі і Захаду.
Тут, мне здаецца, не цалкам зробленыя высновы з падзей 2020 года ў Беларусі, калі сусветная супольнасць паблажліва паставілася да таго, што пратэсты былі задушаныя грубай сілай. Маўляў, гэта ўнутрыпалітычная праблема. Парушэнні правоў чалавека не надта датычылі сусветнай супольнасці наўпрост. Але вельмі хутка аказалася, што нявырашаны ўнутраны беларускі канфлікт выплюхнуўся за межы краіны і ператварыў яе ў ачаг пагрозаў для ўсяго рэгіёна.
Спачатку была пасадка самалёта авіякампаніі Ryanair, што сусветная супольнасць расцаніла як акт грубага парушэння ўсіх міжнародных правілаў. Потым быў справакаваны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс, які дагэтуль працягваецца. Потым — беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні, якія перараслі ў агрэсію супраць Украіны. А цяпер з’яўляецца ядзерная зброя і перспектыва прыватных ваенных кампаній. Беларусь — гэта самастойная праблема, самастойны кейс, а не дадатак да палітыкі Расіі.
У Святланы Ціханоўскай прагучала думка, што без свабоднай Беларусі не можа быць бяспекі Украіны. А я б сказаў, што не можа быць сістэмы бяспекі для ўсяго рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Тут я бачу пэўныя рознагалоссі паміж пазіцыяй кіраўніцтва дэмакратычных сіл і Захаду. Хоць, я падкрэсліваю, яны супярэчлівыя. І сустрэча Ціханоўскай і Байдэна паказвае, што ЗША спрабуюць убачыць беларускую дэмакратыю як асобны кейс.
Чаму ж Захад заняў такую пазіцыю, нягледзячы на ўсе намаганні самой Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета? Валерый Карбалевіч адзначае, што палітык «не ўсёмагутная і пераламаць агульныя тэндэнцыі ў заходняй палітыцы ёй складана».
— Калі ў 2020 годзе былі пратэсты, то Беларусь была ў топе ўсіх інфармацыйных сусветных патокаў некалькі месяцаў. Сёння ў нашай краіне нічога не адбываецца. Таму натуральна, што Беларусь разглядаецца скрозь прызму палітыкі Лукашэнкі, — адзначае эксперт. — Вайна ва Украіне засланіла ўсе іншыя тэмы. Менавіта яна ў галоўным фокусе, менавіта яна ў цэнтры ўвагі. Усе астатнія пытанні адыходзяць на другі план. Калі вы ўспомніце нядаўнюю прэс-канферэнцыю Лукашэнкі для замежных журналістаў, то якраз тэма палітвязняў была на перыферыі ўвагі замежных СМІ. Іх цікавілі ПВК Вагнера, ядзерная зброя, перспектывы ўдзелу або няўдзелу Беларусі ў вайне, міру ва Украіне і гэтак далей. Гэта вельмі паказальна.
Чытайце таксама