Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту на парадку дня ў Беларусі не стаіць, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.
«Хачу запэўніць, што ў нашай краіне на парадку дня не стаіць такое пытанне. Павелічэнне пенсійнага ўзросту для нашых грамадзян не плануецца», — сказала Наталля Паўлючэнка.
Нагадаем, пенсійны ўзрост для жанчын у Беларусі цяпер складае 58 гадоў, а для мужчын — 63 гады. Апошні раз яго павышалі ў 2022-м. Летам таго ж года прадстаўнікі бізнес-супольнасці Беларусі прапаноўвалі павялічыць пенсійны ўзрост для жанчын да 63 гадоў.
У Мінпрацы заяўлялі, што выраўноўванне гэтага паказчыка не разглядаецца. У студзені гэтага года ў ведамстве чарговым разам пацвердзілі, што пакуль не збіраюцца вяртацца да гэтага пытання. Дарэчы, павялічыць пенсійны ўзрост Мінску раней раілі ў Міжнародным валютным фондзе.
У кастрычніку гэтага года эканаміст Леў Львоўскі сярод варыянтаў таго, як палепшыць сітуацыю на рынку працы, назваў павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын: зрабіць яго такім, як і для мужчын.
Сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі, паводле звестак за 2019 год, складала каля 64 гадоў, а жанчын — 78 гадоў.
Як чыноўнікі ўжо абяцалі перад выбарамі не падымаць пенсійны ўзрост, але нешта пайшло не па плане
У ліпені 2015 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што пенсійны ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. «І гаворкі сёння не ідзе пра гэта, і падымаць гэтае пытанне няма чаго», — заявіў тады палітык.
У жніўні таго ж года Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што ў Беларусі не разглядаюць пытанне павышэння пенсійнага ўзросту. «Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі. Я вам шчыра сказаў, што нам пенсійны ўзрост даўно трэба было павялічыць», — сказаў пазней палітык.
11 кастрычніка 2015 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары.
А ў красавіку 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнне пенсійнага ўзросту.
Нагадаем, чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Чытайце таксама