Літоўскі памежны пункт пропуску «Шальчынінкай» прыпыніў афармленне транспарту на ўезд у Беларусь, паведаміў раніцай аўторка Дзяржпамежкамітэт. Прычына — збой праграмнага абсталявання.
Тэхнічныя праблемы на літоўскім пункце назіраюцца з 02.45. Пры гэтым пропуск транспарту спынены менавіта ў Беларусь. Адпаведна, спыніў афармленне ў гэтым кірунку і сумежны пункт пропуску «Беняконі».
На ўезд у Літву афармленне вядзецца абодвума бакамі ў штатным рэжыме. Пра аднаўленне работы ў поўным аб’ёме ў ДПК паведамяць асобна.
Нагадаем, у суботу-нядзелю не працаваў памежны пераход «Каменны Лог — Мядзінінкай» у абодвух напрамках. Літоўскі бок перакрыў рух праз грамадзяніна Пакістана, якому адмовілі ва ўездзе ў Літву з прычыны падробленых дакументаў. Ён застаўся на нейтральнай паласе і адмаўляўся вярнуцца ў Беларусь. Пункт запрацаваў толькі ўвечары нядзелі, калі мужчына пагадзіўся вярнуцца ў Беларусь і падаў прашэнне пра прытулак.