На беларускіх чыгуначных станцыях у Брэсце і Баранавічах захрасла больш чым сотня цыстэрнаў са звадкаваным вугляродным газам з Казахстана. Паводле звестак казахстанскіх СМІ, польская мытня не прапускае груз, патрабуючы доказаў, што газ не паходзіць з Расіі, піша MOST.
Пра сітуацыю расказаў тэлеграм-канал «Нефть и газ Казахстана. Факты и комментарии», які вядзе аналітык нафтагазавай галіны Алег Чарвінскі. Паводле ягоных звестак, польская мытня «просіць усё новыя і новыя дакументы», якія пацвярджаюць паходжанне тавару, у казахстанскай кампаніі «Тэнгізшэўройл», якая адправіла груз.
З 20 снежня 2024 года набыла моц забарона на імпарт у ЕС звадкаванага вугляроднага газу з Расіі. Імаверна, пільнасць польскіх мытнікаў звязаная з рызыкай таго, што Расія паспрабуе абысці санкцыі, адпраўляючы свой газ праз кампаніі трэціх краін.
— Імідж Казахстана як краіны, якая спрыяе Расіі ў абыходзе санкцый Еўрасаюза, адыграў злы жарт — і мытныя органы ЕС сур’ёзна асцерагаюцца, што пад выглядам казахстанскага ЗВГ будзе ў тым ліку ісці рээкспарт расійскага, — каментуе Алег Чарвінскі.
Паводле інфармацыі аналітыка, затрымка цыстэрнаў стварыла недахоп рухомага складу, што можа прывесці да збояў у адгрузках прадукцыі кампаніі «Тенгізшэўройл». Амбасада Казахстана ў Бруселі праводзіць перамовы з еўрапейскім камісарам па санкцыях, але яны пакуль для казахстанскага боку беспаспяховыя.