«Чакаем, калі з'явіцца». Былы муж Анжалікі Мельнікавай расказаў, дзе цяпер ён і дзеці і ці ведае пра месцазнаходжанне спікеркі КР
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Больш за тыдзень прайшло з моманту, як стала вядома пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Дагэтуль няма інфармацыі, дзе знаходзіцца жанчына. Чытачы «Люстэрка» на мінулым тыдні паведамлялі, што бачылі яе былога мужа ў кампаніі дзвюх дачок у Беларусі. Нам удалося трохі пагаварыць з мужчынам — у першую чаргу пра тое, ці вядома яму, дзе цяпер Анжаліка.

Спикерка КС Анжелика Мельникова с дочками и бывшим мужем. Беларусь, март 2019 года. Фото: страница политика в Facebook
Спікерка КР Анжаліка Мельнікава з дочкамі і былым мужам. Беларусь, сакавік 2019 года. Фота: старонка палітыка ў Facebook

Мы датэлефанаваліся да экс-мужа Анжалікі Мельнікавай Андрэя раніцай 7 красавіка. На ўдакладняльнае пытанне, хто тэлефануе, супрацоўнік «Люстэрка» адказаў, што журналіст, але не паспеў назваць выданне.

— Навошта вы мяне непакоіце, я не разумею? — спытаў мужчына.

— Вы ведаеце, дзе Анжаліка?

— Не, вядома. Мы ж разведзеныя. Чаму вы, дарэчы, мне ўсе тэлефануеце, калег з працы пастаянна дастаяце?

— Дзеці з вамі?

— Так, са мной (у Анжалікі і Андрэя дзве дачкі 7 і 13 гадоў. — Заўв. рэд.).

— І вы ў Беларусі?

— Так.

— Як даўно?

— Вы што, з паліцыі?

— Не, але знік чалавек.

— Так, знік. Чакаем, калі з’явіцца.

— Калі вы апошні раз размаўлялі з Анжалікай?

— Даўно ўжо. Натуральна, таксама хвалююся, куды яна знікла.

— У вас ёсць здагадкі, дзе яна можа быць?

— Зусім няма. Без паняцця. Я б папрасіў вас больш не тэлефанаваць, не люблю размоваў з прэсай. Да пабачэння.

Паводле інфармацыі BELPOL, Андрэй Мельнікаў — праграміст, доўгі час працаваў у ЕРАМ, а апошняе яго месца працы — старшы інжынер у ТАА «Годэл Тэкноладжыс Юрап». Выданне Deutsche Welle паведамляла, што з 2021 года ён працаваў у варшаўскім офісе кампаніі.

Што вядома пра знікненне Анжалікі Мельнікавай

У пятніцу, 28 сакавіка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што 25 сакавіка знікла спікерка КР Анжаліка Мельнікава. Ён расказаў, што падаў заяву пра гэта ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі акрамя беларускага ёсць грамадзянства гэтай краіны). Таксама 28 сакавіка стала вядома, што разам з жанчынай зніклі і дочкі, што жылі з ёй у Варшаве.

Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», да 25 сакавіка дэлегаты КР некалькі тыдняў не бачылі яе, бо палітык хварэла на COVID-19. Аднак, паводле іх словаў, спікерка выходзіла на сувязь. Прынамсі, да 21 сакавіка. Як пазней удакладняў Латушка, у гэты дзень яна апошні раз прысутнічала на сазвоне.

— Візуальна мы яе бачылі. Адкуль было злучэнне, мы не ведаем, — казаў у інтэрв'ю Deutsche Welle намеснік кіраўніцы АПК. Ён таксама адзначыў, што Анжаліка абяцала прыйсці ў офіс 24 ці 31 сакавіка. Але, спаслаўшыся на хваробу, візіт адмяніла.

У суботу, 29 сакавіка, у эфіры польскага тэлеканала TVN24 Латушка сцвярджаў, што былы муж спікеркі КР выехаў у Беларусь (пазней ён заявіў, што, паводле інфармацыі ад паліцыі, 3 сакавіка экс-муж перасёк польска-беларускую мяжу на аўтобусе).

У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МУС Яцак Дабжыньскі расказаў, што, паводле звестак польскіх і партнёрскіх службаў, Мельнікава на той момант ужо некалькі тыдняў знаходзілася за межамі Польшчы. Праз некалькі дзён Павел Латушка са спасылкай на паліцыю заявіў, што спікерка КР пакінула краіну 26 лютага і вылецела ў Вялікабрытанію.

30 сакавіка чытачы «Люстэрка» паведамлялі, што бачылі былога мужа Мельнікавай разам з дочкамі ў Нясвіжы. Раніцай 31 сакавіка кіраўнік НАУ заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка таксама знаходзіцца ў Беларусі.

У пятніцу, 4 красавіка, сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BYSOL Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікабрытаніі, падаў заявы пра знікненне спікеркі КР у дзве сілавыя структуры гэтай краіны: паліцыю Лондана (Metropolitan Police) і Нацыянальнае агенцтва па расследаванні злачынстваў (NCA).

Між тым у канцы 2022 года Мельнікава заснавала фонд Białoruś Liberty. Праз яго паступалі гранты для «Кіберпартызан». Гэта «Белсату» пацвердзіла афіцыйная прадстаўніца аб’яднання Юльяна Шаметавец. Яна адзначыла, што на рахунках фонду завіслі некалькі дзясяткаў тысяч даляраў.

— Гэта былі фінансы на дапамогу «Кіберпартызанам». Напрыклад, мы атрымліваем грант на распрацоўку «Партызанскага Telegram», на вядзенне і развіццё базаў дадзеных, аналіз дадзеных, — сказала Шаметавец, адзначыўшы, што да гэтага ў працы з Анжалікай не было ніякіх праблем.

Паводле інфармацыі «Белсата», перад знікненнем Мельнікавай на рахункі яе фонду мусіў прыйсці грант для Каардынацыйнай рады (ці перавялі яго, інфармацыі няма). Юльяне Шаметавец пра гэта нічога не было вядома, хоць, як яна адзначае, спікерка КР мусіла паведаміць ёй такую інфармацыю.

Чытайце таксама