Беларускія ўлады вырашылі стварыць незалежную мабільную групу праверкі, якая праінспектуе якасць аказання медпаслуг у бальніцах. Пра гэта паведаміў 5 снежня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам.

Лукашэнка звярнуў увагу на лячэнне людзей у раёнах і анансаваў раптоўныя праверкі.
— Я вас хачу папярэдзіць: найбліжэйшым часам мною будзе створаная мабільная група абсалютна незалежных ад вас людзей, спецыялістаў, якія правераць і сістэму аховы здароўя, і выбарачна нечакана правераць бальніцы. І я вас запрасіў тут, намеснікаў вашых, Наталля Іванаўна (Наталля Качанава. — Заўв. рэд.) у мяне на злобу з тых часоў адказвае за ахову здароўя, я пра віцэ-прэм'ера не кажу… Наракайце самі на сябе. Вось так вось будзем правяраць гэтыя бальніцы, — сказаў Лукашэнка (цытата паводле прэс-службы).
У кантэксце якасці аказання медпаслуг у рэгіёнах Лукашэнка расказаў гісторыю пра жанчыну, якая трапіла ў бальніцу ў Шклоўскім раёне і, паводле яго словаў, ледзь не памерла.
— Знаходзячыся чарговы раз у вёсцы, працую там, [чую] па вёсцы бяжыць мужык і крычыць гвалтам, вымаўляючы маё імя і імя па бацьку. Я кажу: «Паглядзіце, чаго чалавек хоча». Падышлі да яго, ліст перадаюць: «Аляксандр Рыгоравіч, выратуйце ці маю жонку, ці то жанчыну — няважна, чалавека». Дзе? Што? У шклоўскай бальніцы. Як я цяпер кажу, практычна ў моргу, апошнія хвіліны жыве. Натуральна, я не мог не адрэагаваць. Паслаў туды свайго доктара, прыязджаюць: «Так, прагноз несуцяшальны. Фактычна памерла». Я кажу: «Займайцеся». Перавезлі ў Магілёў. Кожны фактычна вечар мне дакладвалі стан чалавека — асацыяльнага чалавека, але чалавека, — падкрэсліў Лукашэнка.
Лукашэнка адзначыў, што яе ўдалося выратаваць толькі пасля яго асабістага ўмяшання. Цяпер яе жыццю нічога не пагражае.
— У шклоўскай бальніцы я яе практычна выцягнуў з морга. Сёння яна адключаная ад апарата ШВЛ. Дынаміка, кажуць, дай бог, каб так і далей было, нядрэнная. < … > Паўстае пытанне, Дзмітрый Леанідавіч, ці трошкі вас панесла ў сістэме і вас як міністра і вы лечыце толькі там, дзе трэба лячыць? Ці вы будзеце лячыць людзей так, як я ад вас заўсёды патрабаваў? Мяне гэта вельмі насцярожвае. Начальнікі, яшчэ там нехта… Вось тут вы лечыце. А людзі прасцейшыя, недзе там у нейкіх раённых бальніцах… Ну ёсць там ФАП. Ходзіць фельчар. Яйка дадуць, выпіць сто грам дадуць, як у былыя часы, я гэта назіраў, добра. Не — нічога, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка (цытата паводле прэс-службы).