У нядзелю, 3 лістапада, многіх шакавалі публікацыі ў Х дзіцячай доктаркі, анестэзіёлага-рэаніматолага Алесі Белавус. Яна напісала антысеміцкі пост (у тым ліку пра дзяцей). Як такія выказванні адаб’юцца на кар’еры медыка? «Люстэрка» патэлефанавала ў 3-ю дзіцячую бальніцу Мінска з гэтым пытаннем. Вось што нам удалося даведацца.

У сацсетках у Алесі Белавус пазначана, што яна працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у 3-й дзіцячай бальніцы Мінска. Аднак на такія пасты ўстанова ніяк публічна не рэагавала.
Журналістка «Люстэрка» як звычайная грамадзянка патэлефанавала ў прыёмны пакой галоўнага доктара бальніцы з пытаннем, чаму іх супрацоўніца дазваляе сабе такія выказванні. Адказ быў нечаканы:
— Не працуе ў нас такая. Працавала, але звольнілася ў верасні месяцы.
Чаму Белавус сышла бальніцы, сакратарка не расказала. Дзе менавіта цяпер працуе доктарка, невядома.

Пасля публікацый пра яе ў медыя Белавус пачысціла многія сацсеткі. Аднак нам удалося знайсці падрабязнасці пра медыка.
Алесі Белавус 30 гадоў. Паводле інфармацыі BELPOL, яна родам з аграгарадка Белавуша Столінскага раёна. Белавус скончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт у 2018 годзе. Вучылася на педыятрычным факультэце. З 2017 да 2018-га працавала медсястрой у Гродзенскім абласным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія». Пасля заканчэння навучання пераехала ў Мінск і ўладкавалася ў 3-ю дзіцячую бальніцу.
Праца ёй падабалася. У 2020 годзе пра пацыентаў жанчына адгукалася цёпла: «Самыя маленькія, самыя бездапаможныя, самыя любімыя і самыя ўдзячныя мае пупсікі. Заўсёды веру ў маіх маленькіх пацыентаў, і, здаецца, гэта ўзаемна». Чаму яна дазволіла сабе такія антысеміцкія выказванні ў дачыненні да дзяцей цяпер, невядома.
Нагадаем, абразлівы допіс з’явіўся ў акаўнце Белавус 1 лістапада ў Х. Мяркуючы з усяго, ён скіраваны супраць дзяцей габрэйскай нацыянальнасці: «Даже мне — белобрысой славянке — больше всего пакостей делает евреёныш. При всей моей максимааааааальной толерантности ко всем политическим мнениям, религиозным взглядам, национальным принадлежностям и т.д. никто не является таким жидким чмом как жидёныши» (арфаграфія захаваная).
Да 15 гадзін 3 лістапада пост прагледзелі 61 тысячу разоў і пакінулі 417 каментароў. У іх карыстальнікі выказалі абурэнне такім выказваннем і здзівіліся, як доктарка з такімі поглядамі працуе ў дзяржустанове. Пазней жанчына выдаліла гэты пост, а потым — і свой акаўнт.
Раней медык у сваім акаўнце ў Х раіла апанентам гарэць у печах, намякаючы на знішчэнне габрэяў падчас Другой сусветнай вайны: нацысты ў тым ліку спальвалі іх у печах. Пры гэтым яна падтрымлівала Палестыну ў палестынска-ізраільскім канфлікце.
Такія выказванні можна трактаваць як распальванне нацыянальнай варожасці — гэтаарт. 130 КК. Максімальнае пакаранне па ч. 1 гэтага артыкула — да пяці гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, менавіта па арт. 130 КК часта судзяць беларусаў за негатыўныя каментары ў адрас сілавікоў.
Чытайце таксама