За апошнія дні расійскія дроны-камікадзэ «Шахед», як мяркуецца, чатыры разы заляталі ў паветраную прастору Беларусі. Як паведамляла група маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі Гаюн», адзін з іх выбухнуў за 55 кіламетрах ад Бабруйска. Ці магчымае паўтарэнне гэтай сітуацыі? Ці варта баяцца беларусам? Як сябе паводзіць, калі ў небе з’явіўся баявы дрон? На гэтыя пытанні пакуль няма адказаў. «Люстэрка» публікуе парады ад украінскіх спецыялістаў пра тое, як сябе зберагчы ў выпадку сустрэчы з «Шахедам».

Беларускія ўлады не рабілі афіцыйных заяваў на тэму дронаў-камікадзэ ў паветранай прасторы краіны. Ва ўпраўленні МНС Магілёўскай вобласці параілі «не перажываць». Сірэны, якія ўключаліся над Магілёвам 16 ліпеня, назвалі праверкай сістэмаў апавяшчэння.
На жаль, жыхары Украіны добра знаёмыя з правіламі паводзін падчас атакі дронаў-камікадзэ, ім рэгулярна даводзіцца хавацца падчас атак расійскіх вайскоўцаў на ўкраінскія гарады. Ніжэй — парады ад украінскіх уладаў пра тое, як распазнаць баявы беспілотнік і што рабіць, калі ён апынуўся побач з вамі.
Як зразумець, што гэта баявы дрон?
Расійская армія выкарыстоўвае дроны-камікадзэ Shahed-136 іранскай вытворчасці. Яны маюць крыло трохкутнай формы. Даўжыня такой прылады — 3,5 метра, размах крылаў — 2,5 метра.
Гэтыя дроны гучныя, пішуць украінскія эксперты з Цэнтра стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі. Калі набліжаюцца, у паветры добра чутны гук, падобны да працы рухавіка мапеда ці бензапілы.
На відэа ніжэй запісаны гук, з якім Shahed набліжаецца да аўтара відэа (а таксама гук наступнага выбуху).
Звычайна яны лётаюць на малой вышыні, таму іх складана выявіць сілам СПА, піша Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя. Вышыня палёту — ад 60 метраў (прыкладна 20 паверхаў жылога дома) да чатырох кіламетраў.
Як паводзіць сябе, калі вы заўважылі дрон-камікадзэ
Калі вы пачулі гук рухавіка дзесьці побач ці ўбачылі «трохкутнік» у небе — паспрабуйце захаваць спакой.
Трэба знайсці сховішча, раяць эксперты з украінскага Цэнтра стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі. Гэта можа быць бамбасховішча, вялікі падвал пад дамамі старой забудовы, падвал прыватнага дома, падземны пераход ці метро.
Праўда, не любое сховішча вас абароніць. Не варта хавацца ў пад’ездах, на лесвічных пляцоўках, пад аркамі і ў падвалах панелек. Таксама небяспечна ўнутры аўтатранспарту ці побач з ім.
Калі вы знаходзіцеся ў кватэры і не паспяваеце выйсці — эксперты рэкамендуюць перамясціцца ў пакой, найбольш аддалены ад гукаў дрона. Пажадана выконваць правіла «дзвюх сцен» — то-бок знайсці памяшканне, аддзеленае дзвюма сценамі ад крыніцы небяспекі. Гэта можа быць калідор ці лазенка.
Калі вы знаходзіцеся на адкрытым паветры і не паспяваеце знайсці сховішча, найлепшае рашэнне — знайсці любое заглыбленне ў зямлі і схавацца ў ім. Альбо проста легчы на зямлю.
Калі дрон зваліўся недалёка ад вас — не чапайце яго і не набліжайцеся да абломкаў. Радыус паражэння абломкамі ад беспілотніка — не менш за 100 метраў, адзначае Львоўская абласная ваенная адміністрацыя.
Чытайце таксама